Піліп Пестрак "Кірмаш" Урывак з паэмы

Даўнасць ціхая сэрца варушыць
I вядзе, як да вешчых былін...
Бачу — едзе абоз беларусаў
У свой даўні застоены Мінск.

Горад, горад... Ты свежасцю нейкай
Падыхаеш у вочы сялян,
Ажыўляеш часовай уцехай
Навіною для ўсіх, дзе ні глянь.

Тут не хаты, саломаю крыты,
Не збуцвелы, пахілены плот,—
Вось у цэнтры стаяць камяніцы,
I жыве тут іначай народ.

А кірмаш... Не акінуць і вокам...
Як шуміць і клякоча прыбой,
Стогалосая мова шырока
Усё ўбірае і тлуміць сабой.

I чаго тут няма для прыманкі —
Стужкі, пацеркі, хусткі вісяць,
I «Разлуку» іграе шарманка
Сярод віску свіней, парасят.

На шарманцы заморская птушка
Пазірае звысока вакол,
Вабіць людцаў шарманшчык-дакука:
«Падыходзьце, хто з лёгкай рукой!

Вам заморская птушка, пабачце,
Усё раскажа, хоць што запытай,
Дасць у рукі білецікі шчасця,
Разгарні, пра свой лес прачытай!»

Падыходзяць дзяўчаты і хлопцы,
Маладзіцы, старыя ў чаргу,
Кожны шчасця даведацца хоча —
Мо там злыдні каго сцерагуць?

Ці мо трапіць ў кішэню капейка? —
Станеш раптам шчаслівы, багат,
Хлопцу трапіцца мілая дзеўка,
А к дзяўчыне навернецца сват?

Прадалі свае скарбы сяляне...
Што ж далей? — трэ падумаць крыху,
Бо ніколі «даходаў» не стане,
Каб дзіравую згораць страху.

Гэтых дзірак вялікая колькасць —
На адзежы, у пуні, ў хляве,
І дзесятнікі ў вокны галосяць
Несці грошы у воласць, павет.

Расплаціцца з царом за падаткі,
Доўг аддаць кулаку-ліхвяру,
Даць ураднікам добрыя ўзяткі —
Што ж застанецца гаспадару?

Але як ні было там, а трэба
Штось для радасці дзецям купіць —
Трохі мінскага сітнага хлеба,
Абаранкаў узяць — не забыць.

А пасля трэба чаркаю горкай
Свае ў корчмах заліць «барышы»
І прыяцельскай п'янай гаворкай
Выліць скаргі збалелай душы.

I пайшлі так сусед і знаёмы
За карчомны, гарэлачны стол,
Загудзелі ўсе корчмы, як звоны,—
Даў народ свайму сэрцу прастор.

Дзе гаворка, дзе песня, дзе сварка,
Дзе абдымкі ў слязах, дзе праклён,
Ўсіх жаданні, як клятва, над чаркай
Новых, лепшых і радасных дзён.

Потым п'янай ішлі талакою
Па выбоях, каменнях-ілбах,
Усе шукалі для сэрца спакою,
Пазіралі чагось па баках.

Розных крамаў з таварамі столькі —
Ўсё мінаюць, ідуць напралом,
Ім патрэбны яшчэ манаполькі
3 гэтым царскім двухглавым арлом.

Падымаліся к роту бутэлькі,
Разбіваліся потым аб брук,—
Манапольныя царскія меркі
Дадавалі ім сілу і рух.

Загараліся сэрцы пажарам,
Рвалі к бунту мяшчанам на здзіў,
Аж на конях звісалі жандары —
Свіст нагаек і крык: «Разыдзісь!»

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі